Слинко Виктор - Штольнi Вясны (Стихи) (На Белорусском Языке)
Вiктар Слiнко
Штольнi вясны
I
ДЭМАСФЕН
Птушкi i воблакi адлятаюць на поўдзень а я
не прасiў дапамогi нi ў кога i толькi мая
ненаглядная радасць заснула на правым плячы
я не ўмеў гаварыць над плячамi падвешваў мячы
каб валодаць сабою; выходзiў да мора казаць
свае словы i ў доўгай прамове сябе пакiдаць
прывiтаннем аблокам i птушкам якiя былi
толькi сведкi маўчання майго калi ўсе караблi
адплывалi ад Грэцыi поўныя ваяроў
пакiдалi мяне аднаго я вяртаўся дамоў
ненаглядная радасць i так разумела мяне
што не ўмеў гаварыць ўсё няважна было для яе
датыкалiся вусны да скронi шурпатая столь
толькi водблiск ад свечкi лавiла i ў коле сабой
алавянаю поўняй замкнула мне радасць падзей
ненаглядную радасць любiць мне цi жыць для людзей?!
ПРАГУЛКА З СЫНАМ
Гайдаюць хвалi мярэжы.
Недаспелай пшанiцы водар
У трыснягу заснуў.
Багульнiк, быльнёг перасохлы
Да руiнаў варот праводзяць
Не мяне i цябе, а лiсце,
Што чапляецца за абцасы
Чаравiкаў маiх,
Жывое.
У дзiцячай вязеш калясцы
Цёплы сон - i расплюшчыць вейкi
На аголены корань дрэва,
На падзенне кедровай шышкi...
У пяску загрузаюць колы...
Кажа Ўсё - азiрнiся, сцяжына
Стала вузкай ў абдымках парку!
I адцягнецца час вяртання
Да мясцiн, дзе прагляне дарога.
...I цябе там ужо не пазнае
Незагоены брук
Учарашнi.
СЯБРУ
Мая бяда ў тым, што спыняецца позiрк.
На слова "счакай" прарастае травою неба,
I немагчыма вярнуцца адтуль, дзе нiколi не быў
Целам сваiм. I таму прыкаваны ланцуг.
Толькi ты гэта зведаў iнакш.
Мы з табой выпадковыя людзi
I паспелi стаць роднымi ў час непагоды,
Што застала нас разам у пераходзе падземным.
У тваiм парасоне ёсць дзве зламаныя спiцы,
Пад маiм крысом на дваiх цяпла дастаткова.
I нам цяжка паверыць, што голас - каштан насупраць.
Адагрэласць зямлi адчуваеш праз холад падэшваў,
Хлеб разламаны ў руках, а наперадзе - сонца...
Што дзялiла нас, да канца так i не раздзялiўшы?
Што яднала ў адно, да канца ўсё ж не аб'яднаўшы?
Што расце памiж намi, быццам няпраўда чужая?
Цi мы проста чакаем з табою, што скончыцца дождж?..
* * *
Нясцерпна халадзеюць перламутры,
I руты асыпаюць касмылi
Завейных руняў на узмежку веяў.
Марудзячы, збiраецца маркота:
Паходнi, клункi - ўсё падрыхтаваць.
I болей нам нiколi не сустрэцца,
Дзе бусел страцiў колер малады.
Няхай, няхай узводзяць рыштаваннi
Для тонкiх сцен людскога беспрытом'я
Майстры - каструбаватыя надзеi:
Усё, што маецца, iмкненнем не набудзеш
I воляй, скiраванаю ў адно.
Хай будзе проста вытканым на кроснах,
Хай прыхамаццю, што я берагуся,
Тваiм сакрэтам, - бо вядома ўсiм,
Што пчолы дзумкаюць паснулыя змярцвела
Над голасам, якi я сцерагу.
* * *
куды нахiлiць галаву каб цяклi валасы
да цябе - праз бяссонне зялёнай вады
i каб парушынку не вымыць з вачэй што адна
дазваляе мне бачыць цябе такой як хачу
пасярэдзiне плынi лiлея бяссiлле кляшнi
рачынай што ўнiзе глыбока спрабуе адцяць
пусцiць каб плыла - Да рачыхi? Да смерцi?
Да сну?
i мне не апора падлога i неба не дол
а вулiца стогне будуе людскую чаргу
i кожны ступае ступае ў твой след снегавы
i кожны шукае шукае памiж астравоў
але iм абрыс не сказiць не зраўняць берагi
следу што лодка але не да слодычы - лёду
што выцвiлым дням хларафiлу падорыць крыло
я ўрэшце свабодны я твой назаўсёды цяпер
* * *
Ад лямпы цень на столi павуком,
А за вакном нябожчыцаю ў белым
Мая зiма. Навокал пацямнела.
Як дыхаецца цяжка пахаваным!
Але я ведаю - цяжэй за ўсё рацэ,
Якая ў маразы не замярзае,
I воблаку ў касмiчнай вышынi,
Што трызн